Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,-
Ты самацветаў яскравая нізка…
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца.
Уладзімір Дубоўка
Свята – Дзень роднай мовы, якое адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага, было абвешчана арганізацыяй па пытаннях культуры, навукі і адукацыі – ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца с дзвухтысячнага года па прапанове краіны Бангладэш.
21 лютага было абрана таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія выступалі за наданне мове бангла статута дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала дзяржавай Бангладэш.
На працягу трох апошніх стагоддзяў мовы выміраюць і знікаюць з хуткасцю, якая ўсё больш узрастае.
Сёння каля паловы з шасці тысяч моў, на якіх гавораць у свеце, знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Згодна вынікам апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, больш за 80% грамадзян дзевяцімільённай Беларусі лічаць беларускаю мову роднай.
З гэтай нагоды у Дзень роднай мовы у бібліятэцы дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 28 г. Магілева”адбылася тэматычная кніжная выстава “Жывая спадчына” і мерапрыемства “Слова жывое, роднае гаваркое”, якія далі магчымасць пабачыць новыя выданні беларускай літаратуры і іншы пазнавальны змястоўны і цікавы матэрыял, прысвечаны Дню роднай мовы.
































