“Збірае Колас нас, яднае нас. З любоўю мы прыходзім да паэта…”. Гэтыя словы паэта Міколы Маляўкі аб’ядналі ўсе мерапрыемствы, якія прайшлі ў кастрычніку ў нашай школе і былі прысвечаны 130- годдзю з дня нараджэння славутага песняра Беларусі Якуба Коласа, наплечніка, аднадумца і сябра Янкі Купалы.
Хоць мерапрыемствы, звязаныя з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы шырока адзначаліся ў нашай школе напрыканцы навучальнага года, але ў час Каласавін побач з імем слаўнага і бессмяротнага Якуба Коласа ўвесь час згадвалася імя незабыўнага Янкі Купалы, так як з’яўленне на Зямлі ў адзін, 1882 год, двух вялікіх паэтаў — гэта Божы дар беларускаму народу.
У бібліятэцы і рэкрэацыі школы вучні, бацькі, настаўнікі маглі пазнаеміцца з фотавыставамі, прысвечанымі жыццю і творчасці выдатных песняроў беларускага народа, з выставамі кніг пісьменнікаў розных часоў выдання.
У 5-11 класах прайшлі спецыяльныя ўрокі па тэме: “Янку Купалу і Якубу Коласу прысвячаецца”, праведзены конкурс на лепшы верш, прысвечаны памяці Якуба Коласа. Для вучняў 4-5 класаў бібліятэкарамі школы праведзена мерапрыемства “Маці Беларусь, твой сын жыве”, а для вучняў 1-3 класаў – гутарка з выкарыстаннем мультымедыйнага матэрыалу “Мой родны кут, як ты мне мілы”. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Мікалаеўна Шавялёва ў шосты школьны дзень з вучнямі 7”А” класа ажыццявіла завочную экскурсію, якая яшчэ раз дала магчымасць прайсціся “Сцяжынкамі Купалы і Коласа”
Сапраўдным святам, святам-сустрэчай з Я. Коласам стала для вучняў 7-11 класаў мерапрыемства “Якуб Колас побач з намі” ( настаўнікі Астранкова В.Ц. і Чукава В.Ц.), якое прайшло ў нашай школе 27 кастрычніка. І прысутныя, і самі ўдзельнікі гэтага мерапрыемства яшчэ раз згадалі звесткі аб жыцці і творчасці пісьменніка, вучні захапляльна, выразна і артыстычна чыталі вершы як Якуба Коласа, так і свае, прысвечаныя выдатнаму песняру зямлі беларускай. Але асабліва ўсім гледачам спадабаўся тэатралізаваны ўрывак з паэмы “Новая зямля” (раздзел “Дарэктар”). Сапраўднымі артыстамі паказалі сябе ўдзельнікі драматычнага гуртка “Спадчына” Хілько Арцем, Пачынкоў Арцём (7”Б”). Але самым яркім і запамінальным выканаўцам стаў “сам дарэктар – з вузел ростам “Клімянкоў Радзіон, вучань 7”Б” класа.
Інфармацыйны матэрыял аб правядзенні свят, прысвечаных 130- годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа, змясціла насценная “Літаратурная газета”, якая выдаецца ў нашай школе, а сцэнарый свята “Песняры Беларусі”, распрацаваны настаўнікамі Астранковай В.Ц. і Чукавай Н.П. быў змешчаны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура” за ліпень месяц 2012 года.
І хоць святкаванне нашых “Каласавін” прыйшлося ў гэтым годзе не на “залатую” восень, а на халоднае заснежанае надвор’е, але мы, настаўнікі, спадзяёмся, што ў сэрцах нашых выхаванцаў будзе жыць святло і цеплыня ад добрых Коласавых і Купалавых слоў.