Доўгачаканыя цёплыя дзянькі нарэшце ўсталяваліся ў нашай краіне, а разам з імі павесялелі і дзеці. Замацаванню бадзёрага настрою вучняў дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №28 г. Магілёва” спрыяў чарговы беларускамоўны чацвер. 18 мая 2017 года настаўнікі беларускай мовы і літаратуры прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам справіцца з некаторымі моўнымі гульнямі.
Востры розум дапамагаў школьнікам у разгадванні анаграм і метаграм. Кожны выбраў на свой густ разнастайныя загадкі-забаўкі. Неабходна адзначыць, што, усталёўваючы зашыфраваныя словы, навучэнцы не толькі знаёміліся з цікавай пазнавальнай і навуковай інфармацыяй, але і ўдала тлумачылі напісанне асобных адгадак. Трапныя адказы, якімі вучні цешылі настаўнікаў, даваліся дзякуючы дапытлівасці і набытым на ўроках роднай мовы ведам.
Плённым і карысным выдалася новае падарожжа ў краіну Пагуляндыю.